8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перспектывы развіцця палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Румыніі абмеркаваны ў Бухарэсце на кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, румынскую - дзяржаўны сакратар МЗС Даніэль Іоніцэ.
Сярод абмеркаваных тэм - узаемаадносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, уключаючы ход рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Бакі таксама разгледзелі пытанні рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі, якая з'яўляецца старшынёй беларускай часткі міжурадавай беларуска-румынскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, правяла сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства эканомікі, гандлю і турызму, старшынёй румынскай часткі камісіі Фларынам Водзіцам. Субяседнікі абмеркавалі перспектывы пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і аднаўлення дзейнасці камісіі.
Адбыліся таксама перагаворы Алены Купчыной з дзяржаўным сакратаром Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навуковых даследаванняў Румыніі і дзяржаўным сакратаром Міністэрства культуры, у час якіх закрануты пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і культуры.