24 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/.
Перспектывы развіцця еўразійскай інтэграцыі разгледжаны на праведзенай у Мінску міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Еўразійскі эканамічны саюз: вопыт і перспектывы рэгіянальнай інтэграцыі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.У мерапрыемстве, арганізаваным ГА "Цэнтр вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі" і Фондам імя Фрыдрыха Эберта ва Украіне, прынялі ўдзел вучоныя, даследчыкі, прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх арганізацый Беларусі, Аўстрыі, Арменіі, Германіі, Казахстана, Расіі. ЕАЭС як адносна новае інтэграцыйнае аб'яднанне прыцягвае ўвагу палітыкаў, экспертаў, шырокай грамадскасці як у краінах - членах саюза, так і за мяжой. Вялікі эканамічны, рэсурсны, палітычны патэнцыял аб'яднання з'яўляецца важным фактарам трансфармацыі міжнароднай сістэмы.
Вучоныя і эксперты ацанілі высокую палітычную вагу і значэнне ЕАЭС на постсавецкай прасторы, а таксама абмеркавалі прававыя асновы функцыянавання саюза. У прыватнасці, старшыня праўлення Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі Андрэй Русаковіч падкрэсліў важнасць экспертнай ацэнкі вынікаў работы ЕАЭС і заявіў аб вялікіх надзеях, якія ўскладаюцца на аб'яднанне краінамі-ўдзельніцамі. Ён таксама выказаў надзею на далейшы пошук агульных інтарэсаў у ЕАЭС і такіх буйных міжнародных аб'яднаннях, як Еўрапейскі саюз, якія маглі б стаць асновай для далейшых канструктыўных узаемаадносін і дыялогу.
Намеснік дырэктара берлінскага Цэнтра вывучэння Усходняй Еўропы Дзмітрый Страціеўскі ў сваім дакладзе расказаў аб даволі шырокім, а часта і прама процілеглым успрыманні ЕАЭС і працэсаў інтэграцыі нямецкімі СМІ, зрабіў выснову аб яго залежнасці ад палітычнай арыентацыі і чытацкай аўдыторыі. Пры гэтым немалое месца займаюць як адкрыта пазітыўныя, так і рэзка негатыўныя ацэнкі перспектыў функцыянавання інтэграцыйнага аб'яднання і яго адносін з Еўрасаюзам. Петэр Хаўлік з Венскага інстытута міжнародных эканамічных даследаванняў прадставіў перспектывы выбудоўвання адносін па лініі ЕС-ЕАЭС, адзначыў шэраг дыспрапорцый і дысбалансаў, якія перашкаджаюць узаемадзеянню. На думку эксперта, бар'еры ў супрацоўніцтве двух аб'яднанняў з'яўляюцца выклікам для спецыялістаў еўразійскай прасторы па пошуку вырашэння існуючых праблем, даследаванні патэнцыялу супрацоўніцтва і выпрацоўкі рашэнняў, якія садзейнічалі б развіццю абедзвюх інтэграцыйных пляцовак.
Дацэнт кафедры міжнародных адносін БДУ Аляксандр Ціхаміраў, зыходзячы з вопыту ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных ініцыятывах, зрабіў выснову аб імкненні краіны да рэалізацыі ўласных нацыянальных інтарэсаў у рамках ЕАЭС і існуючых на гэтым шляху сур'ёзных дасягненнях.
Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі важнасць экспертнай ацэнкі вынікаў работы ЕАЭС, адзначылі неабходнасць развіцця далейшага дыялогу паміж экспертнымі супольнасцямі ў кантэксце распрацоўкі механізмаў узаемадзеяння ЕАЭС і іншых міжнародных аб'яднанняў. У час дыскусіі эксперты і аналітыкі дзяліліся ўласным поглядам на найбольш актуальныя падзеі ў еўразійскай інтэграцыі, далі ацэнку ўжо існуючым вынікам у дзейнасці ЕАЭС. Усё гэта сведчыць аб тым, што пытанні еўразійскай інтэграцыі выклікаюць сур'ёзную зацікаўленасць як у Беларусі, так і за мяжой з боку экспертнай і навуковай супольнасці, якія прапануюць уласныя рэцэпты пераадолення праблем і развіцця саюза.