28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стан і перспектывы адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам былі абмеркаваны на сустрэчы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з вярхоўным прадстаўніком Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкай Магерыні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.
Уладзімір Макей у складзе беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам прымае ўдзел у саміце ААН па ўстойлівым развіцці.
"На палях саміту кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства правёў сустрэчы з міністрамі замежных спраў Італіі, Латвіі, Сальвадора, Славакіі, Швецыі, дзе былі абмеркаваны стан і магчымасці развіцця ўзаемадзеяння Беларусі з гэтымі краінамі ў розных сферах", - праінфармавалі ў прэс-службе МЗС.
На сустрэчы з міністрам замежных спраў Сальвадора Уга Роджэрам Марцінэсам Банілья бакі падпісалі пагадненне аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.
Уладзімір Макей таксама прыняў удзел у традыцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў ходзе Генасамблеі ААН.