14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед наведае Беларусь з рабочым візітам 20-21 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Аміна Махамед прыме ўдзел у рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, які пройдзе ў Мінску 21 лютага.
Таксама адбудуцца сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і намесніка старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР Мар'яны Шчоткінай з Амінай Махамед.
Праграмай візіту прадугледжана наведванне першым намеснікам Генсакратара ААН Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі, дзе пройдзе сустрэча з прадстаўнікамі моладзі Беларусі, у тым ліку з маладымі парламентарыямі.
Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў у Мінску збярэ дэлегацыі больш як з 40 краін. Гэта высокія службовыя асобы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Удзельнікі форуму абмяняюцца вопытам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, абмяркуюць праблемныя пытанні выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. "Такі дыялог будзе садзейнічаць распаўсюджванню лепшай сусветнай практыкі і інавацыйных падыходаў у сферы дасягнення МУР, стане платформай для стварэння рэгіянальнай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР", - адзначылі ў прэс-службе.
Парадак дня-2030 дзяржавы-члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 Мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату. Беларусь ужо прыняла шэраг важных крокаў для дасягнення МУР. Урадам адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. Кіраўніком дзяржавы назначаны Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР - намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна. Выбудавана Нацыянальная архітэктура па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Работа ў сферы дасягнення МУР праводзіцца дзяржавай ва ўзаемадзеянні з бізнес-коламі, грамадзянскай супольнасцю і міжнароднымі арганізацыямі.