21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час правесці некалькі важных мерапрыемстваў па актуальных пытаннях. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы абазначыў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, паведамляе БЕЛТА.
У Палацы Незалежнасці сёння абмяркоўвалі пытанні сацыяльнай накіраванасці, і Прэзідэнт даручыў арганізаваць праз тыдзень аналагічную нараду, але па лініі Адміністрацыі Прэзідэнта ўжо. "Па лініі Адміністрацыі Прэзідэнта ў нас вельмі шмат назбіралася пытанняў - палітычных, ідэалагічных, кадравых. Тым больш хутка рэферэндум, ёсць аб чым пагаварыць. Таму трэба парламентарыям і Адміністрацыі, ды і ўраду падключыцца, сабраць 5-6 пытанняў (трэба - два пасяджэнні правядзём) і іх разгледзець, узгадніць, калі патрэбна. Таму зрабіце гэта", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
У ліку важных тэм маючага адбыцца мерапрыемства Прэзідэнт назваў пытанне пераразмеркавання паўнамоцтваў. "Заглухла пытанне. Зрабілі некалькі крокаў і супакоіліся. Перадача паўнамоцтваў Прэзідэнта ўраду, мясцовым органам улады і гэтак далей, аб чым мы гаварылі, каб, не парушаючы Канстытуцыю, гэта зрабіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У бліжэйшы час Прэзідэнт таксама плануе абмеркаваць праект абноўленай Канстытуцыі на сустрэчы з Канстытуцыйнай камісіяй. "З камісіяй я хачу сустрэцца пасля таго, як яны скончылі ў сябе абмеркаванне. А далей створым, я думаю, канкрэтную невялікую групу, якая будзе прафесійна дапрацоўваць па нашым даручэнні праект Канстытуцыі. Таму і яго трэба будзе абмяркоўваць - як далей будзем у гэтым плане працаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Магчыма, пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы пройдзе ўжо на наступным тыдні. Прэзідэнт даручыў адказным асобам сур'ёзна падрыхтавацца да гэтага мерапрыемства, асабліва ў частцы перадачы паўнамоцтваў. "Не тое што вось, мы не ведаем... Некалькі паўнамоцтваў нейкаму органу мы прыляпілі (Усебеларускаму народнаму сходу і гэтак далей), а далей мы не ведаем, пойдзем да Прэзідэнта. Слухайце, вы прыходзьце да мяне, але толькі з прапановамі", - заявіў беларускі лідар.