28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з аптымізмам глядзіць на перспектывы завяршэння перагавораў з Еўрапейскім саюзам па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За апошнія дні сітуацыя з падпісаннем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам прынцыпова не змянілася, але бакі знаходзяцца на "пазітыўным трэку ўзаемадзеяння". Алег Краўчанка разлічвае, што пагадненне будзе падпісана да таго моманту, як кошт шэнгенскай візы вырасце да 80 еўра.
Гэты дакумент ідзе ў пакеце з пагадненнем аб рэадмісіі, па якім пакуль яшчэ ёсць пытанні. "Мы знаходзімся, я сказаў бы, ужо на фінальным этапе. Хоць гарантый якіх-небудзь даваць не хацелася б, таму што гэта двухбаковы працэс. Але мы з аптымізмам глядзім на перспектывы завяршэння перагавораў", - заявіў намеснік міністра.
Як паведамлялася, 22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС практычна гатова да падпісання. Ён адзначыў, што па дакуменце былі спрэчныя моманты, але ўдалося прыйсці да калегіяльнага рашэння, якое дае магчымасць літаральна ў бліжэйшы час падпісаць пагадненне. Аднак паколькі гэты дакумент ідзе ва ўвязцы з пагадненнем аб рэадмісіі, нельга сказаць, што ён будзе падпісаны ў бліжэйшыя дні.