3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн прыбыў у Мінск, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў кітайскай дыпламатычнай місіі.
"Пасол прыбыў у Мінск. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і павагі да мерапрыемстваў беларускага боку па процідзеянні эпідэміі цяпер ён па сваёй ініцыятыве знаходзіцца на каранціне, але хутка пачне сваю дыпламатычную місію", - расказалі ў пасольстве.
"Кітай надаў вялікае значэнне падбору кандыдатуры і назначэнню новага пасла ў Беларусі. На гэту важную пасаду назначаны чалавек вопытны і знаёмы з сітуацыяй у рэгіёне, - адзначылі ў дыпмісіі. - Се Сяаюн мае велізарны вопыт, у тым ліку дыпламатычнай работы не толькі ў Расіі і Украіне, але і ў сакратарыяце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У той жа час ён працаваў на буйнейшым дзяржаўным прадпрыемстве Кітая - у карпарацыі CNPC".
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і КНР устаноўлены 20 студзеня 1992 года. У час візіту ў Кітай Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2016 года кіраўнікі абедзвюх краін падпісалі сумесную дэкларацыю аб устанаўленні найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню адносін: давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.