10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турэцкай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Ірак Віктар Рыбак 8-9 снежня наведаў Багдад. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Турцыі.
Віктар Рыбак уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Ірака Бархаму Саліху. На праведзеных сустрэчах з прэзідэнтам і міністрам замежных спраў Ірака абмеркаваны пытанні стану і перспектыў развіцця беларуска-іракскіх адносін з акцэнтам на актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Пасол наведаў таксама Ганаровае консульства Беларусі ў Багдадзе, азнаёміўся з яго функцыянаваннем і правёў перагаворы з ганаровым консулам Маджыдам Аль-Каісі аб далейшым пашырэнні ўзаемадзеяння.
У Багдадзе адбыліся і іншыя сустрэчы, якія ўяўляюць інтарэс для развіцця беларуска-іракскіх адносін.