28 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Валерый Бараноўскі ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
У час цырымоніі адбылася размова Валерыя Бараноўскага і Гітанаса Наўседы. Пасол адзначыў наяўнасць актыўнага і плённага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі ў эканамічнай, транзітнай, гуманітарнай і іншых сферах, пацвердзіў адкрытасць беларускага боку да канструктыўнага дыялогу ў духу добрасуседства па ўсіх пытаннях двухбаковага парадку дня.
Прэзідэнт Літвы падкрэсліў важнасць далейшага развіцця беларуска-літоўскіх адносін, у аснове якіх - цесная гісторыка-культурная сувязь паміж народамі, а таксама пазітыўны вопыт супрацоўніцтва ў розных сферах.