8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Балгарыі, Грэцыі і Кіпры па сумяшчальніцтвеАляксандр Лукашэвіч уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Кіпра Нікасу Анастасіядзісу. Цырымонія прайшла напярэдадні ў Прэзідэнцкім палацы ў Нікасіі. Інфармацыя аб гэтым размешчана ў афіцыйным твітар-канале МЗС Беларусі са спасылкай на Бюро друку і інфармацыі МЗС Кіпра, паведамляе БЕЛТА.
У час сустрэчы кіраўнік дыпмісіі падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці і ўмацаванні двухбаковых адносін з Рэспублікай Кіпр. "Мы бачым магчымасці для ўзмацнення супрацоўніцтва ў такіх сферах, як гандаль, эканоміка, навука і тэхналогіі, палітычныя, рэгіянальныя і культурныя кантакты, а таксама для актывізацыі кааперацыі паміж міністэрствамі і ведамствамі, у прыватнасці паміж міністэрствамі замежных спраў, - сказаў ён. - Краіны маюць вялікі патэнцыял для бізнес-кааперацыі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Беларусь зацікаўлена ў пастаўках тавараў цяжкай, лёгкай і харчовай прамысловасці, прадукцыі дрэваапрацоўчай і хімічнай галін".
Прэзідэнт Кіпра пажадаў паслу Беларусі поспехаў у выкананні яго місіі і запэўніў, што ўрад рэспублікі акажа ўсялякую падтрымку новаму кіраўніку дыпмісіі.