19 мая, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета плануецца правесці ў кастрычніку - лістападзе ў Мінску ў вочным фармаце. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З прапановай правесці чарговае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Мінску ў вочным фармаце выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Я хацеў бы прапанаваць, каб мы сённяшні савет разглядалі ў якасці экстэрытарыяльнага савета. З улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС я вельмі разлічваю на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў ЕАЭС у вочным фармаце і прапанаваў бы яе правесці ў Мінску ў той час, калі вы зможаце прыехаць", - адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што такія мерапрыемствы па лініі ЕАЭС не праводзіліся ў беларускай сталіцы апошнія 5 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што яго ініцыятыва не выключае пры неабходнасці арганізацыю пасяджэння савета ў фармаце відэаканферэнцыі да таго, як адбудзецца вочная сустрэча.
Удзельнікі пасяджэння згадзіліся з прапановай кіраўніка беларускай дзяржавы. Канкрэтная дата мерапрыемства будзе вызначана пазней.