16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумеснае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці і Камісіі па эканамічных пытаннях (КЭП) пры Эканамічным савеце СНД пройдзе ў Мінску 19 сакавіка. Аб гэтым гаворыцца на афіцыйным сайце Выканаўчага камітэта СНД, паведамляе БЕЛТА.
Члены Савета пастаянных прадстаўнікоў і КЭП абмяркуюць праект парадку дня чарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, намечанага на 29 мая бягучага года ў Астане. У яго ўключаны пытанні, што датычацца паглыблення супрацоўніцтва ў фінансава-эканамічнай галіне, сферы інавацый, лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці, міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва.
Значную частку пунктаў праекта парадку дня складаюць дакументы, што рэгламентуюць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы (культура, адукацыя, спорт, прафесійная падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў). У праект парадку дня ўключаны таксама пытанні забеспячэння бяспекі. У прыватнасці, кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць дакументы, што датычацца стварэння сістэмы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай аховы, уліку грамадзян трэціх краін і асоб без грамадзянства, якія ўязджаюць на тэрыторыі краін Садружнасці. Акрамя таго, на разгляд кіраўнікоў урадаў уносяцца дакументы аб наданні статусу базавых арганізацый шэрагу адукацыйных устаноў, пытанні фінансавага і кадравага характару.
На сумесным пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў і КЭП будзе таксама разгледжаны ход рэалізацыі стратэгіі супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД у пабудове і развіцці інфармацыйнага грамадства і мерапрыемстваў Плана дзеянняў па яе рэалізацыі на перыяд да 2015 года, прыняцце якіх надало новы імпульс шырокаму інтэграцыйнаму супрацоўніцтву ў галіне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
У парадак дня сумеснага пасяджэння ўключана пытанне аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва краін Садружнасці за 2014 год і перспектывах на 2015 год.
Члены Савета пастаянных прадстаўнікоў і КЭП абмяркуюць таксама вынікі дзейнасці органаў галіновага супрацоўніцтва СНД у мінулым годзе, якіх у рамках Садружнасці створана 69. З іх 37 дзейнічаюць у эканамічнай сферы, 15 - у сферы бяспекі, 11 - у гуманітарнай сферы і па 3 - у інфармацыйнай і прававой.