18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Парламенцкага камітэта Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ) пройдзе ў Мінску 30 мая. Падрыхтоўка да яго правядзення, а таксама іншыя мерапрыемствы праграмы старшынства Беларусі ў ЦЕІ абмеркаваны сёння на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з пасламі краін ЦЕІ, пасольствы якіх размешчаны ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у маючым адбыцца пасяджэнні Парламенцкага камітэта ЦЕІ пацвердзілі ўжо 11 краін аб'яднання: Аўстрыя, Італія, Польшча, Малдова, Славенія, Сербія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Харватыя, Балгарыя.
Галоўнай тэмай пасяджэння стане "Інтэлектуалізацыя эканомікі ў рэгіёне ЦЕІ: інавацыйная вытворчасць, кіраванне і чалавечы капітал". Удзельнікі мерапрыемства змогуць абмяняцца вопытам па актуальных пытаннях развіцця сусветнай эканомікі.
Усяго ў праграме старшынства Беларусі ў аб'яднанні больш як 20 мерапрыемстваў.Так, 8 чэрвеня ў Мінску пройдзе міністэрская канферэнцыя па тэматыцы ўзаемасувязей і сумяшчальнасці ў рэгіёне ЦЕІ "Наводзячы масты паміж Еўропай і Азіяй" у прывязцы да новага Шаўковага шляху. 22 чэрвеня ў Мінску адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін ЦЕІ. У лістападзе сталіца Беларусі прыме пасяджэнне Парламенцкай асамблеі ЦЕІ. Прадугледжаны і іншыя мерапрыемствы і форумы. Сярод іх - міжнародная канферэнцыя "Дакументальная спадчына ў рэгіёне ЦЕІ: захаванне, даследаванне і папулярызацыя", якая пройдзе ў Мінску пры падтрымцы Фонду супрацоўніцтва ЦЕІ і будзе прымеркавана да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
"У час старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве мы зацікаўлены ў правядзенні ўсіх мерапрыемстваў на самым высокім узроўні", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва - рэгіянальнае аб'яднанне, у склад якога ўваходзяць 18 дзяржаў: Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Чарнагорыя і Украіна. Беларусь далучылася да аб'яднання ў чэрвені 1996 года. ЦЕІ адыгрывае ролю важнага форуму для развіцця ўзаемадзеяння дзяржаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў сферах трансгранічнага супрацоўніцтва, энергетыкі, транспарту, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, малога і сярэдняга бізнесу, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і інш.
У 2017 годзе Беларусь упершыню прыняла старшынства ў ЦЕІ пад дэвізам пашырэння сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе. Дзяржава імкнецца да ўмацавання і пашырэння сувязей і ўзаемадзеяння як паміж краінамі рэгіёна, так і рознымі інтэграцыйнымі пляцоўкамі, уключаючы ЕАЭС, Еўрапейскі саюз, "Усходняе партнёрства". Дасягненню гэтай мэты будзе садзейнічаць дзейнасць парламенцкага вымярэння ЦЕІ, задачай якога выступае ўмацаванне шматбаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі аб'яднання на парламенцкім узроўні.