10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чацвёртае пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Узбекістанам адбудзецца 12 сакавіка ў Ташкенце. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, узбекскую - міністр знешніх эканамічных сувязей, інвестыцый і гандлю Элер Ганіеў. У склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, канцэрнаў "Белнафтахім", "Беллегпрам", "Белдзяржхарчпрам", Гродзенскага аддзялення БелГПП, кампаній "Белэксімгарант", "СветлагорскХімвалакно" і іншых.
У час пасяджэння плануецца абмеркаваць дынаміку і перспектывы беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, навукі і тэхналогій. Будуць разгледжаны пытанні рэалізацыі сумесных праектаў вытворчай кааперацыі і развіцця дагаворна-прававой базы.
Запланаваны сустрэчы з кіраўніцтвам узбекскага знешнепалітычнага ведамства, прадстаўнікамі дзяржаўных і бізнес-структур.
Па выніках 2014 года тавараабарот Беларусі з Узбекістанам склаў $102,8 млн (81,7 працэнта да ўзроўню 2013 года) пры экспарце $67 млн. Аснову беларускага экспарту ў 2014 годзе склалі часткі і
прылады для аўтамабіляў і трактароў, лякарствы, расфасаваныя для рознічнага продажу, ёмістасці для сціснутага і звадкаванага газу, неэлектрычная бытавая апаратура для гатавання ежы, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, халадзільнікі, дарожная і будаўнічая тэхніка, комплексныя сінтэтычныя ніці, шыны. З Узбекістана ў асноўным імпартавалі баваўнянае нячэсанае валакно, баваўняную пражу з саставам баваўняных валокнаў 85 працэнтаў і больш, легкавыя аўтамабілі, вінаград. Экспарт паслуг ва Узбекістан у 2014 годзе ў параўнанні з 2013 годам павялічыўся на 3,1 працэнта і склаў $3,8 млн.