25 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сумеснае пасяджэнне калегій вышэйшых органаў фінансавага кантролю Беларусі, Казахстана і Расіі пройдзе 26 лістапада ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі.
Дэлегацыі трох дзяржаў узначаляць старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі Леанід Анфімаў, старшыня Падліковай палаты Расіі Таццяна Голікава і член Падліковага камітэта па кантролі за выкананнем рэспубліканскага бюджэту Казахстана Жансеіт Сарсенкулаў.
Сумесная калегія кантрольных органаў будзе прысвечана вынікам агульнага кантрольнага мерапрыемства. У час яго было праверана, як у 2014 годзе ўпаўнаважаныя органы Беларусі, Казахстана і Расіі выконвалі пагадненне аб устанаўленні і прымяненні ў Мытным саюзе парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін. Праверку нацыянальных упаўнаважаных органаў - Міністэрства фінансаў Беларусі, Камітэта казначэйства Міністэрства фінансаў Казахстана і Федэральнага казначэйства Расіі - праводзілі вышэйшыя органы фінансавага кантролю трох краін.
Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне плана сумесных мерапрыемстваў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расіі на 2016 год.