10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эксперты Маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС-МЦ), завяршылі перадпускавую партнёрскую праверку энергаблока нумар 2 Беларускай АЭС, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей БелАЭС.
Каманда САА АЭС-МЦ складалася з прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі і Украіны. Мэтай перадпускавой партнёрскай праверкі была ацэнка гатоўнасці другога энергаблока Беларускай АЭС да бяспечнага і надзейнага пуску і далейшай эксплуатацыі.
"Беларуская АЭС прадэманстравала высокую адкрытасць. На станцыі працуюць дасведчаныя спецыялісты, якія прайшлі этап пуску і ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока. Папярэднія вынікі сведчаць аб тым, што энергаблок нумар 2 Беларускай АЭС праз некаторы час будзе гатовы да загрузкі свежага ядзернага паліва ў ядзерны рэактар і прадаўжэння далейшых пускавых аперацый", - адзначыў па выніках партнёрскай праверкі дырэктар Маскоўскага цэнтра САА АЭС Васіль Аксёнаў.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца паблізу Астраўца. Для першай АЭС у Беларусі выбраны расійскі праект пакалення 3+, які поўнасцю адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па бяспецы.