8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Грузіі на чале з кіраўніком групы дружбы "Грузія - Рэспубліка Беларусь" Аляксандрам Кантарыя наведае Беларусь 9-11 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
На 9 лютага намечана сустрэча Аляксандра Кантарыя з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім. Прадметам абмеркавання стануць напрамкі развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічныя і іншыя пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. У той жа дзень дэлегацыя Грузіі наведае Мінскі аўтамабільны завод.
У час візіту замежныя госці пабываюць у Брэсцкай вобласці, дзе азнаёмяцца з работай мясцовых прадпрыемстваў. Падрыхтавана і культурная праграма - наведванне мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.