21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі плануе наведаць з візітам Тайланд. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага з першым намеснікам старшыні парламента Тайланда Сурачаем Льенгбунлерчаем. Сустрэча адбылася ў час 133-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза ў Жэневе (Швейцарыя), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Акрамя арганізацыі візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Тайланд абмяркоўвалася пытанне развіцця двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва. "Асаблівая ўвага была ўдзелена пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз стварэнне беларуска-тайландскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся прадоўжыць работу па ўзаемным спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян дзвюх краін", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Там таксама паведамілі, што ў Жэневе члены беларускай парламенцкай дэлегацыі на чале з Віктарам Гумінскім прынялі ўдзел у пленарных пасяджэннях Асамблеі, Кіруючага савета Міжпарламенцкага саюза, пастаянных камітэтаў МПС па пытаннях міру і міжнароднай бяспекі, па дэмакратыі і правах чалавека.
На пасяджэнні пастаяннага камітэта МПС па пытаннях міру і міжнароднай бяспекі Віктар Гумінскі выступіў у экспертных слуханнях на тэму "Тэрарызм: неабходнасць пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з пагрозамі для дэмакратыі і правоў асобы". Кіраўнік беларускай дэлегацыі адзначыў неабходнасць узмацнення ролі традыцыйных міжнародных структур, у першую чаргу арганізацый сістэмы ААН, у прадухіленні і ўрэгуляванні канфліктаў, эфектыўным процідзеянні міжнароднаму тэрарызму.
Акрамя таго, у час пленарнага пасяджэння 133-й Асамблеі МПС намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў прыняў удзел у агульных дэбатах на тэму "Маральныя і эканамічныя імператывы для больш справядлівай, разумнай і гуманнай міграцыі", дзе выступіў з дакладам.