20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі ў пачатку мая бягучага года наведае Латвію. Праграма маючага адбыцца візіту ў Рыгу абмяркоўвалася сёння ў Мінску на сустрэчы намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар'яны Шчоткінай з паслом Латвіі ў Беларусі Марціньшам Вірсісам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты візіт па запрашэнні латвійскага боку разглядаецца як важны крок на шляху далейшага развіцця супрацоўніцтва. "У час візіту будуць вызначаны шляхі пашырэння і паглыблення ўзаемавыгадных сувязей, разгледжаны пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, - сказала Мар'яна Шчоткіна. - Для нас вельмі важна партнёрства з латвійскім бокам і на ўзроўні парламенцкіх сувязей, і ў палітыцы, эканоміцы, культуры".
Яна выказала ўпэўненасць у тым, што паглыбленне ўзаемадзеяння паміж беларускімі і латвійскімі парламентарыямі прынясе канкрэтную карысць грамадзянам дзвюх дзяржаў.
Марціньш Вірсіс канстатаваў, што апошнія гады ўмацоўваюцца міжпарламенцкія сувязі. Гэта важны складнік супрацоўніцтва паміж краінамі, падкрэсліў ён.