16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі плануе разгледзець законапраект аб зацвярджэнні новай Ваеннай дактрыны на вясенняй сесіі паведаміў сёння журналістам член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Мяжуеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да 29 лютага мы збяром усе прапановы і даныя для далейшага ўнясення на разгляд на вясенняй сесіі", - сказаў дэпутат.
Парламентарый нагадаў, што вясенняя сесія пачнецца 4 красавіка.
Для таго, каб прыняць законапраект аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны, неабходна атрымаць не менш як дзве трэці галасоў "за" ад агульнай колькасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым дакумент павінен прымацца ў двух чытаннях. Далей ён паступіць у Савет Рэспублікі для адабрэння, а пасля - на подпіс Прэзідэнту Беларусі.
Аляксандр Мяжуеў лічыць, што праект закона будзе прыняты ў бягучым годзе. Дэпутат дадаў, што ў новую дактрыну ўведзены тэрмін "гібрыдная вайна". Адказваючы на пытанне, ці здольны беларускія сілавікі змагацца з пагрозай такой вайны, ён сказаў: "Калі б не ўмелі змагацца, у нас не было б стабільнасці ў дзяржаве. Народ павінен быць спакойны. Армія яго абароніць".
"Гэты дакумент таксама ўлічвае экспарт каляровых рэвалюцый", - дадаў дэпутат.
Як паведамлялася, новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны Беларусі паступіла ў Палату прадстаўнікоў 12 лютага пасля таго, як 22 студзеня яе адобрыў Прэзідэнт Беларусі па выніках пасяджэння Савета бяспекі. Неабходнасць перапрацоўкі дактрыны выклікана змяненнямі ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, характару ўзброенай барацьбы, а таксама сучаснымі тэндэнцыямі развіцця беларускай дзяржавы. У прыватнасці, у дакуменце з'явіўся тэрмін "унутраны ўзброены канфлікт". "Часта дзяржавы, якія навязваюць сваю палітыку іншым краінам, спрабуюць дасягнуць ваенна-палітычных мэт, выкарыстоўваючы ўнутраныя дэструктыўныя сілы. Паколькі пытанне аб развязванні ўнутранага ўзброенага канфлікту на тэрыторыі многіх дзяржаў з'яўляецца актуальным, гэтай праблеме ўдзелена сур'ёзная ўвага", - заяўляў раней наконт гэтага начальнік навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл Беларусі кандыдат ваенных навук палкоўнік Алег Любачка.
У сваю чаргу дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась у размове з журналістамі звяртаў увагу, што ў дактрыне цяпер прапісаны напрамкі развіцця абароннага сектара эканомікі. "У дактрыне ўлічаны тыя змяненні, якія адбываюцца ў формах і спосабах вядзення ўзброенай барацьбы. Даўно ўжо на змену класічным войнам прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя. Гэта ўлічвалася пры распрацоўцы новай дактрыны. Зразумела, акцэнт тут больш ярка зроблены на інфармацыйным проціборстве, цяпер гэта адзін з вельмі сур'ёзных складнікаў ваенных дзеянняў. Па іншых пазіцыях гэтыя змяненні таксама ўлічаны", - адзначаў дзяржсакратар.