20 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Пакістанская дэлегацыя на чале з губернатарам правінцыі Белуджыстан Мухамадам Ханам Ачакзаі 19-25 лютага наведвае Беларусь па запрашэнні старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Пакістане.
Праграмай візіту прадугледжаны эканамічныя перагаворы пакістанскай дэлегацыі з кіраўніцтвам Міністэрства прамысловасці Беларусі, Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкага аддзялення БелГПП, адміністрацыі СЭЗ "Брэст", "Брэстэнерга", ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "Дываны Брэста", СП "Санта-Брэмар" і іншых прадпрыемстваў. Акрамя таго, запланавана наведванне пакістанскай дэлегацыяй Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Візіт прадугледжаны Пратаколам аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім аблвыканкамам і ўрадам правінцыі Белуджыстан Пакістана, падпісаным у Ісламабадзе 10 лістапада 2015 года. Гэты візіт адкрывае новую старонку ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве дзвюх краін, паколькі тады ж, у лістападзе 2015 года, у час афіцыйнага візіту ў Ісламабад прэм'ер-міністра Беларусі аналагічныя дакументы былі падпісаны паміж іншымі пакістанскімі правінцыямі і беларускімі абласцямі.
Белуджыстан - адна з чатырох правінцый Пакістана. Яна з'яўляецца буйнейшай у краіне. Эканоміка рэгіёна мае яўны сыравінны характар і ў значнай ступені заснавана на здабычы прыроднага газу, вугалю і іншых карысных выкапняў. Разведаны і пачынаюць актыўна распрацоўвацца радовішчы ўрану, жалезнай руды, марганцу, баксітаў, храмітаў, сурмы. Важнымі сектарамі эканомікі з'яўляюцца таксама рыбалоўства, горная справа, прамысловасць, гандаль. Інтэнсіўна развіваецца рыбаапрацоўчая прамысловасць. Пры тэхнічным садзейнічанні КНР быў пабудаваны глыбакаводны порт Гвадар. На паўднёвым усходзе знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод, які належыць Byco International Incorporated (BII). Ён здольны апрацоўваць 120 тыс. бараляў нафты ў дзень. Побач з нафтаперапрацоўчым заводам размешчаны электрастанцыя, некалькі цэментных заводаў і мармуровы завод.