13 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне аб узаемным прызнанні віз з Расіяй будзе падпісана пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур у Беларусі, паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы не падпісвалі візавае пагадненне. Беларускі бок да пасяджэння Саўміна не паспеў скончыць ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Думаю, што ў бліжэйшы час мы іх скончым і пагадненне будзе гатова да падпісання", - сказаў Сяргей Румас.
Як паведамлялася, міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз створыць прававыя ўмовы для таго, каб грамадзяне трэціх краін у Саюзнай дзяржаве перамяшчаліся па адной візе, якую яны атрымаюць у Беларусі або Расіі. Пасля ўступлення ў сілу дакумента іншаземцам для знаходжання на тэрыторыі Беларусі і Расіі не трэба будзе атрымліваць дзве візы. Дакумент прадугледжвае, што замежныя грамадзяне, якія маюць візу адной краіны, могуць уязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі другога боку на працягу тэрміну дзеяння візы.