Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

7 Снж 2017

Пагадненне аб стварэнні беларуска-італьянскага дзелавога савета падпісана ў Маскве

7 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пагадненне аб стварэнні беларуска-італьянскага дзелавога савета заключана сёння ў Маскве. Дакумент падпісалі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч і старшыня савета дырэктараў Банка Інтэза, прэзідэнт асацыяцыі "Пазнаём Еўразію" Антоніа Фаліка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На цырымоніі Антоніа Фаліка адзначыў, што пагадненне заключана па ініцыятыве беларускага боку. "Адносіны паміж Беларуссю і Італіяй трывалыя і надзейныя, але, на жаль, аб'ём узаемнага тавараабароту дастаткова сціплы", - сказаў ён. Цяпер беларуска-італьянскі тавараабарот знізіўся прыкладна да ўзроўню $600 млн у год. "Італьянскія і беларускія прадпрыемствы заслугоўваюць значна большага", - перакананы старшыня савета дырэктараў Банка Інтэза.

Ён паведаміў, што абавязацельствы, якія бярэ на сябе банк у адпаведнасці з гэтым пагадненнем, вельмі значныя. У прыватнасці, італьянскі бок можа прадаставіць беларускім партнёрам усю сетку Банка Інтэза ў Еўропе і Расіі. "Мы маем намер цвёрда і няўхільна развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю", - заявіў Антоніа Фаліка.

У бліжэйшы час італьянскі бок мае намер унесці прапанову аб правядзенні канкрэтных мерапрыемстваў у мэтах развіцця падпісанага пагаднення. Адно з іх ён агучыў ужо на ўрачыстай цырымоніі. "Мы хочам прапанаваць штогод праводзіць па чарзе ў Італіі і ў Беларусі беларуска-італьянскі дзелавы форум з удзелам буйных кампаній дзвюх краін, а таксама прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу", - сказаў старшыня савета дырэктараў Банка Інтэза.

Уладзімір Улаховіч у сваю чаргу адзначыў, што ў Беларусі Антоніа Фаліка ведаюць як шчырага энтузіяста развіцця супрацоўніцтва Еўропы і Еўразіі. "У Беларусі і Італіі добрыя адносіны, - адзначыў ён. - Дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей з пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы раёнаў пабывалі на аздараўленні ў Італіі. Створана прыкладна 250 сумесных беларуска-італьянскіх прадпрыемстваў, самым вядомым з якіх з'яўляецца "Беліта". У нас ёсць аснова для больш глыбокага супрацоўніцтва".

Яшчэ адну прапанову зрабіў часовы павераны ў справах Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч, які таксама прыняў удзел у цырымоніі. Ён запрасіў Банк Інтэза і Беларускую гандлёва-прамысловую палату правесці шэраг сумесных мерапрыемстваў на пляцоўцы беларускага пасольства ў Маскве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі