17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падпісанне стратэгіі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года чакаецца восенню ў Мінску, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Падрыхтаваны і ў цэлым адобраны праект стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. У ім закладзены механізмы фарміравання агульных рынкаў саюза, сфармуляваны падыходы да развіцця новых напрамкаў у сумеснай інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці. Падпісанне гэтага дакумента кіраўнікамі дзяржаў чакаецца ў час чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета восенню ў Мінску", - адзначыў Раман Галоўчанка.
На яго думку, неабходна прыкласці максімум намаганняў па якаснай дапрацоўцы праекта стратэгіі. "Магчыма, кіраўнікам урадаў будзе мэтазгодна яшчэ раз абмеркаваць гэты праект да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета", - лічыць прэм'ер-міністр.
Акрамя таго, у полі зроку Еўразійскага міжурадавага савета былі і застаюцца бар'еры і выключэнні. "На пасяджэннях органаў саюза ў прыярытэтным парадку разглядаюцца пытанні, якія датычацца ходу ўстаранення перашкод на ўнутраным рынку. Пэўны прагрэс у вырашэнні гэтай набалелай праблемы адзначаецца", - канстатаваў Раман Галоўчанка.