6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыйны патэнцыял Беларусі прадстаўлены на буйнейшым фінансавым сімпозіуме Аўстрыі, паведамляе БЕЛТА.
Інвестыцыйны патэнцыял краіны прэзентаваны на 31-м фінансавым сімпозіуме ў аўстрыйскім Альпбаху ў час спецыяльнай панэльнай дыскусіі, прысвечанай Беларусі. Штогадовы фінансавы сімпозіум - знакавая падзея ў эканамічным жыцці Аўстрыі, якая збірае ў Альпах больш як паўтысячы кіраўнікоў і фінансавых дырэктараў буйнейшых аўстрыйскіх кампаній, банкаў і міжнародных фінансавых інстытутаў. Беларусь прадстаўлена на гэтым форуме ўпершыню.
Як адзначыў у час прэзентацыі галоўны саветнік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Забароўскі, аднаўленне эканамічнага росту, зніжэнне макраэканамічных рызык і рэалізаваныя меры палітыкі адкрываюць новае акно магчымасцей для інвесціравання аўстрыйскага бізнесу ў Беларусь. Аўстрыя традыцыйна знаходзіцца ў пяцёрцы буйнейшых інвестараў у Беларусь, а сумесныя і замежныя кампаніі з аўстрыйскім капіталам прысутнічаюць у такіх сектарах беларускай эканомікі, як тэлекамунікацыі, банкаўскі сектар, транспарт і лагістыка.
Асаблівая ўвага ў час прэзентацыі Беларусі ўдзялялася мерам па далейшай лібералізацыі бізнес-клімату, пакету нарматыўных прававых актаў, якія якасна паляпшаюць умовы работы ў Беларусі, магчымасцям індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і Парка высокіх тэхналогій, а таксама макрафінансавым паказчыкам краіны і рэалізуемай Нацыянальным банкам Беларусі грашова-крэдытнай і валютнай палітыцы. З арганізатарамі форуму дасягнута дамоўленасць аб рэгулярным прадстаўленні эканамічнага і фінансавага агляду па Беларусі, прапрацоўцы сумесных мерапрыемстваў пры падтрымцы міжнародных фінансавых інстытутаў.