25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню "Чарнобыль праз трыццаць гадоў. Ад аварыйнай сітуацыі да адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых тэрыторый" адбудзецца 25 красавіка ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.
Удзельнікі канферэнцыі падвядуць вынікі Дзесяцігоддзя ААН па аднаўленні і ўстойлівым развіцці пацярпелых раёнаў і абмяркуюць новыя падыходы да шматбаковага чарнобыльскага супрацоўніцтва.
На канферэнцыі выступіць намеснік Генеральнага сакратара ААН, адміністратар Праграмы развіцця ААН Хелен Кларк. У ліку гасцей і ўдзельнікаў форуму будуць прадстаўнікі Расіі і Украіны, Мальтыйскага ордэна, а таксама партнёры з Японіі, Швецыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Італіі, прадстаўнікі акрэдытаванага ў Мінску дыпкорпуса. На канферэнцыі будуць шырока прадстаўлены міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МАГАТЭ, Сусветны банк, АБСЕ, агенцтвы ААН.
Плануецца, што ўдзельнікі канферэнцыі прымуць дэкларацыю, якая стане зыходным пунктам для фарміравання пад эгідай ААН новай стадыі чарнобыльскага супрацоўніцтва, нацэленага на партнёрства, інавацыі і інвестыцыі ў пацярпелыя рэгіёны.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць беларускі ўрад і Праграма развіцця ААН.