20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка плануе ў жніўні адбыць у Вашынгтон. Гэта інфармацыя прагучала сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з новымі кіраўнікамі беларускіх дыпмісій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Амерыцы давядзецца пачынаць усё спачатку. Справішся?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у сваю чаргу адзначыў, што для развіцця двухбаковых адносін ужо закладзена добрая аснова, беларускага пасла там ведаюць і даўно чакаюць. "Часовая павераная (часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур. - Заўвага БЕЛТА) нават папрасіла: чым хутчэй ён будзе, тым лепш. Мы плануем, што ў жніўні ён паедзе туды", - сказаў міністр. Паводле яго слоў, у Алега Краўчанкі, які будзе працаваць у Вашынгтоне, вялікае кола сувязей у розных дзяржаўных органах ЗША, гэта стане для яго падмогай у рабоце.
"Вельмі шмат будзе залежаць ад тваёй работы. Гэта мы яшчэ падрабязна потым абмяркуем, праз міністра я перадам некаторыя рэчы. Нам патрэбны будуць падтрымка і дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі, асабліва ў гэты перыяд у фінансавай сферы ў сувязі з каранавірусам, - заявіў Прэзідэнт. - Там у нас нядрэнныя перспектывы".
Алег Краўчанка
Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы назначыў сёння паслоў у Нідэрланды, ЗША, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан. Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нідэрландах стане першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Намеснік міністра Андрэй Дапкюнас назначаны паслом у Аўстрыю. Па сумяшчальніцтве ён зойме пасаду пасла ў Славеніі і стане пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
Былы міністр прамысловасці Павел Уцюпін стане Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Казахстане, а экс-міністр фінансаў Максім Ермаловіч - у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і па сумяшчальніцтве ў Ірландыі.
Пасада пасла Беларусі ў ЗША была вакантнай 12 гадоў. Аб аднаўленні дыппрадстаўніцтваў на ўзроўні паслоў Мінск і Вашынгтон заявілі ў верасні 2019 года, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам. Намеснік дзяржсакратара тады сказаў: "Сёння гістарычны момант у амерыкана-беларускіх адносінах. Я рады прыняць удзел у аб'яўленні нашай гатоўнасці да абмену пасламі як наступнага кроку па нармалізацыі адносін".