19 красавіка, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Новая "архітэктура" электроннага ўрада будзе створана ў Беларусі ў першым паўгоддзі, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін пасля афіцыйнага адкрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ТІБО-2016", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прэм'ер-міністр паставіў нам задачу на працягу першага паўгоддзя стварыць сучасную, новую "архітэктуру" электроннага ўрада. Цяпер мы над гэтай задачай працуем", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.
Анатоль Калінін адзначыў, што ўрад працуе ўжо ў электронным фармаце. "Найбольш паспяховыя ў гэтым Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі і Дзяржаўны мытны камітэт. У мяне самога ўжо 70 працэнтаў дакументаабароту праходзіць у электронным варыянце, што дае магчымасць працаваць больш дынамічна", - падкрэсліў ён.
Як паведамляла БЕЛТА, на цырымоніі адкрыцця міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТІБО-2016" Анатоль Калінін адзначаў, што ў Беларусі ўжо сфарміраваны базавыя кампаненты электроннага ўрада.
"За папярэднюю пяцігодку дасягнуты значныя поспехі ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, стварэнні дзяржаўных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў. Значная частка міжведамаснага дакументаабароту пераведзена ў электронную форму. Завершана рэалізацыя праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы ІКТ. У рамках яе мерапрыемстваў сфарміраваны базавыя кампаненты электроннага ўрада, аўтаматызавана прадастаўленне статыстычных, ведамасных і падатковых дзяржаўных справаздачнасцей, створаны ўмовы для электроннага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу", - растлумачыў ён.
Рабочыя фрагменты электроннага ўрада - напрыклад, электронны клас, электронную аптэку - наведвальнікі выстаўкі могуць убачыць на стэндзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "ТІБО-2016" праходзіць у Мінску 19-22 красавіка. У выстаўцы прымаюць удзел больш за 100 кампаній з 18 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Казахстан, Азербайджан, Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Кітай, Рэспубліка Карэя, Японія, ЗША).
Выстаўка "ТІБО" праходзіць у час міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТІБО-2016".-0-