14 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Індыя ўдзячна Беларусі за падтрымку ў перагаворах па заключэнні дагавора аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Гэта адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Панкадж Саксена сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Нацыянальнаму святу гэтай краіны - Дню незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Індыя спрабуе заключыць дагавор аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС, і мы ўдзячны Беларусі за падтрымку Індыі ў спробе як мага хутчэй падпісаць гэты дакумент", - сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, перагаворы ў гэтым напрамку вядуцца хутка. "Настолькі хутка, што ў канцы верасня ў Гоа пройдзе канферэнцыя, якая датычыцца гэтага дагавора аб зоне свабоднага гандлю", - адзначыў кіраўнік індыйскай дыпламатычнай місіі.
"Індыя сур'ёзна на гэта настроена", - падкрэсліў ён.