9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У эфіры тэлеканала АНТ дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч растлумачыў, навошта неабходны змяненні ў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.
"Мы абапіраліся пры распрацоўцы гэтага дакумента перш за ўсё на дзеючыя дакументы стратэгічнага планавання ў галіне бяспекі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэтыя абодва дакументы маюць абарончую накіраванасць. Галоўная задача гэтага дакумента - захаваць мір і забяспечыць бяспеку на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аднолькава ацэньваюць падзеі, якія адбываюцца ў свеце, і разумеюць усю ступень пагроз, якія сёння зыходзяць, адзначыў дзяржсакратар. "Зыходзяць перш за ўсё ад ЗША, - падкрэсліў ён. - І ў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы выкладзена наша бачанне, нашы адносіны і нашы погляды на тую палітыку, якую праводзяць у дачыненні да нашых краін Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Еўрасаюза, краіны, якія ўваходзяць у блок НАТА. Бачачы іх агрэсіўную настроенасць у адносінах да нашых дзяржаў, усё гэта таксама ўлічана і выкладзена ў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Зразумела, закладзены падыходы нашых краін у адносінах да іншых дзяржаў, іншых блокавых дзяржаў, якія будуюць добразычлівую палітыку ў адносінах да нас, добрасуседскую палітыку".
Як чакаецца, Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы будзе разгледжана восенню на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.