3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў зацвердзіў Нацыянальную праграму падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады і дарожную карту мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Гэта прадугледжана пастановай нумар 604 ад 1 жнiўня 2016 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
"У Нацыянальнай праграме не прадугледжваецца дэталізацыя прагнозных паказчыкаў знешняга гандлю на 2016-2020 гады, а вызначаюцца канкрэтныя меры падтрымкі экспарту, якія маюць канчатковую мэту - дыверсіфікаваць і нарасціць аб'ёмы экспарту", - растлумачылі ў прэс-службе.
Праграма накіравана на дасягненне росту, развіццё і дыверсіфікацыю нацыянальнага экспарту, у першую чаргу інавацыйнага і высокатэхналагічнага, павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнай падтрымкі экспарту. Выкананне мерапрыемстваў дарожнай карты будзе садзейнічаць павелічэнню аб'ёмаў экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, сучасных матэрыялаў і гатовых вырабаў з палепшанымі ўласцівасцямі, развіццю экспарту тэхнічна і тэхналагічна складанай прадукцыі, а таксама павелічэнню экспарту навукаёмістых і інтэлектуальных паслуг (інжынірынгавых, тэхнічных, камп'ютарных, адукацыйных).
Дасягненне асноўных мэт праграмы, а таксама стварэнне спрыяльных умоў для выканання другога этапу (2021-2030 гады) Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года дадуць магчымасць забяспечыць планамерную дыверсіфікацыю экспарту для роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі: ЕАЭС, ЕС і іншых краін, у тым ліку краін далёкай дугі (краіны Азіі і Акіяніі, Афрыкі і Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі), што да 2020 года павінна скласці суадносіны трэць - трэць - трэць.
Пры гэтым плануецца рост удзельнай вагі экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме экспарту тавараў да 10 працэнтаў да 2020 года.
Сярод асноўных задач праграмы - дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных сувязей з рознымі краінамі і рэгіёнамі пры захаванні і ўзмацненні пазіцый на традыцыйных рынках; аптымізацыя заканадаўства ў сферы падтрымкі экспарту з улікам сусветнай практыкі і функцыянавання беларускай мадэлі эканомікі; удасканаленне падыходаў да работы з малым і сярэднім прадпрымальніцтвам па экспартнай тэматыцы; стымуляванне вытворцаў тавараў і паслуг да пашырэння таварнай наменклатуры і відаў аказваемых паслуг. Праграмай запланавана фарміраванне ўмоў для стымулявання несыравіннага, высокатэхналагічнага, інавацыйнага экспарту тавараў і паслуг; прадаўжэнне эканамічнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС, што прадугледжвае зняцце бар'ераў, абмежаванняў і выключэнняў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказанні асобных відаў паслуг, у першую чаргу адносна энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцей, лібералізацыі аўтамабільных перавозак і іншых значных пазіцый. Таксама прадугледжана развіццё супрацоўніцтва з рэгіянальнымі аб'яднаннямі, міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі, папулярызацыя экспартнай культуры.
У выніку рэалізацыі Нацыянальнай праграмы плануецца павелічэнне за пяцігоддзе экспарту тавараў і паслуг у 1,21-1,25 раза, перавышэнне тэмпаў росту экспарту над імпартам і пастаўка на экспарт не менш як 65 працэнтаў вырабленай прамысловай прадукцыі. Запланаваны рост удзельнай вагі экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме экспарту тавараў з 5,8 працэнта ў 2015 годзе да 10 працэнтаў у 2020 годзе. Удзельная вага экспарту паслуг у агульным аб'ёме экспарту тавараў і паслуг павінна вырасці да 25 працэнтаў у 2020 годзе (з 20,3 працэнта ў 2015 годзе).
Для ўзмацнення экспартнага патэнцыялу краіны будзе прадоўжана развіццё такіх напрамкаў інтэграцыі эканомікі Беларусі ў агульнасусветную прастору, як фарміраванне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў у рамках ЕАЭС, лібералізацыя рынкаў паслуг і капіталаў, развіццё агульнага фінансавага рынку, гарманізацыя нацыянальнага заканадаўства дзяржаў - членаў і ўдасканаленне агульнага заканадаўства ЕАЭС. Акрамя таго, праграма прадугледжвае прадаўжэнне работы па ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю з улікам інтарэсаў нацыянальнай эканомікі і пашырэнне супрацоўніцтва ў рамках іншых міжнародных арганізацый; пашырэнне шматбаковага супрацоўніцтва з краінамі ЕС і ЗША; далейшую актывізацыю гандлёва-эканамічных сувязей з перспектыўнымі краінамі, а таксама дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Будуць прыняты меры па апераджальным развіцці экспарту паслуг; пашырэнні нацыянальнага капіталу на сусветныя рынкі, уключэнні ў міжнародныя транснацыянальныя карпарацыі і фарміраванні ўласных транснацыянальных карпарацый, якія забяспечваюць новы ўзровень прадукцыйнасці працы і экалагічнай бяспекі.
Каардынатарам праграмы вызначана Міністэрства замежных спраў, выканаўцамі выступаюць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.