4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны СНД выпрацуюць асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў галіне антыманапольнага рэгулявання ў перыяд пандэміі, каб не дапусціць беспадстаўнага росту цэн на лякарствы і прадукты харчавання і забяспечыць насычэнне рынкаў прадукцыяй. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун у час пасяджэння Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы дзяржаў - удзельніц СНД (МСАП) у фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння абмяркоўваюцца ключавыя пытанні, звязаныя ў тым ліку з дзеяннямі антыманапольных органаў у перыяд пандэміі. Дамовіліся выпрацаваць асноўныя напрамкі сумесных дзеянняў у СНД. Напрыклад, з Федэральнай антыманапольнай службай Расіі мы ўжо стварылі экспертны савет, які дае магчымасць у аператыўным парадку вырашаць пытанні насычэння рынку сацыяльна значнымі таварамі", - сказаў Андрэй Картун.
Паводле яго слоў, на парадку дня востра стаіць пытанне антыканкурэнтных паводзін праваўладальнікаў на трансгранічных рынках, у тым ліку так званага паралельнага імпарту. Абмяркоўваецца і стан канкурэнцыі на рынках краін СНД у сферы медыцынскіх вырабаў. "Тут вельмі шмат пытанняў, пачынаючы ад кошту заходу на рынак, атрымання ліцэнзіі і заканчваючы паводзінамі асобных вытворцаў у галіне дзяржзакупак, у рознічным гандлі. Значныя і пытанні насычэння рынкаў, допуску на іх", - адзначыў намеснік міністра.
У прыярытэце і пытанне харчовай бяспекі. "Усе краіны, у прынцыпе, сутыкнуліся з аднымі і тымі ж праблемамі. Абмяркоўваем, як будзем далей сумесна дзейнічаць, каб аператыўна вырашаць пытанні ў частцы забеспячэння неабходнымі харчовымі таварамі і стрымлівання неабгрунтаванага росту цэн", - дадаў Андрэй Картун.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца антыманапольнаму рэгуляванню лічбавых рынкаў. На думку намесніка міністра, ва ўмовах трансфармацыі і структурных змяненняў у эканоміцы, бурнага росту лічбавага сегмента краінам СНД трэба выпрацоўваць дакладныя меры ўзаемадзеяння.