19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наступнае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу плануецца правесці пасля прэзідэнцкіх выбараў. Адпаведная пазіцыя была агучана Прэзідэнтам Беларусі, старшынёй УНС Аляксандрам Лукашэнкам на пасяджэнні Прэзідыума УНС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 26 студзеня ў краіне пройдуць прэзідэнцкія выбары, і выказаўся наконт выпрацоўкі праграмы, якую прадставяць увазе грамадзян. "Паколькі ў нас адзінства пэўнае ёсць, праграма дзеючага Прэзідэнта, якая выпрацоўваецца сёння ўсімі намі, - гэта будзе арыенцір у студзені, снежні нават, для ўсяго беларускага народа. А вось дэталізаваць на аснове гэтай праграмы заданні на наступны год і, можа, погляд на пяцігодку мы зможам пасля прэзідэнцкіх выбараў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пасля завяршэння мерапрыемства кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой пацвердзіў, што, хутчэй за ўсё, будзе прынята рашэнне правесці наступнае пасяджэнне УНС пасля прэзідэнцкіх выбараў: "Таму што цяпер ідзе перадвыбарная кампанія. Проста няма сэнсу пераключацца на гэтыя пытанні. Па-другое, як Прэзідэнт сказаў, будзе падрыхтавана (і ён цяпер над ёй працуе) перадвыбарная праграма з асноўнымі пасыламі".
"Далей Прэзідэнт пачне падрыхтоўку да Паслання. Гэта ў нас традыцыйна вясна. Я цяпер не хацеў бы называць канкрэтныя даты і месяцы, яны не вызначаны. А напярэдадні пасяджэння УНС будзе яшчэ раз сабраны Прэзідыум, каб зверыць пазіцыі і ўжо канчаткова ўзгадніць тыя пытанні, якія будуць выносіцца на УНС. Мне здаецца, абсалютна простая і празрыстая канструкцыя", - дадаў Дзмітрый Крутой.