25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі плануе развіваць супрацоўніцтва з акадэміямі навук Кітая, паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы пастаянна пашыраем супрацоўніцтва з КНР. Заключылі дагаворы не толькі з Кітайскай акадэміяй навук, але і з шэрагам акадэмій навук правінцый Кітая, стварылі сумесныя лабараторыі. Кітайскія вучоныя - частыя госці ў нас. Мы абмяркоўваем розныя праекты, прадастаўляем магчымасць азнаёміцца з рэзультатамі нашых даследаванняў, вызначаем напрамкі далейшага супрацоўніцтва. Будзем развіваць супрацоўніцтва з Кітаем ва ўсіх сферах, у тым ліку па вытворчасці беспілотнікаў", - сказаў Уладзімір Гусакоў.
НАН Беларусі ў 2018 годзе стала адной з заснавальніц і паўнапраўным членам Асацыяцыі міжнародных навуковых арганізацый рэгіёна "Пояс і шлях" (ANSO). На базе НАН сумесна з кітайскімі партнёрамі створана 19 міжнародных даследчых цэнтраў і лабараторый. Арганізацыямі НАН па кантрактах з партнёрамі з КНР у 2018 годзе было атрымана больш за $1,7 млн.
У Мінску сёння праходзіць сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - вышэйшага калегіяльнага органа кіравання акадэміі. У яе рабоце прымаюць удзел амаль 500 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя вучоныя краіны, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў. На сесіі разглядаюцца вынікі дзейнасці ў 2018 годзе, задачы развіцця НАН Беларусі і навуковай сферы краіны на 2019 год, а таксама ўнясенне змяненняў у Палажэнне аб выбарах членаў НАН Беларусі. У час мерапрыемства праходзіць таксама выстаўка "Маладая акадэмія - IT-краіна", на якой прадстаўлены распрацоўкі маладых вучоных з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій па розных напрамках: робататэхніка, біяінфарматыка, штучны інтэлект, смарт-матэрыялы, IT для медыцыны і інш.