6 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства замежных спраў Беларусі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў і кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра замежных спраў, гэта не пачатак, а працяг сумеснай работы. "Тое пагадненне, якое было заключана недзе 15 гадоў таму, ужо і маральна, і змястоўна ўстарэла, і цяпер у свеце зусім новая палітычная, ваенна-палітычная і гандлёва-эканамічная сітуацыя, з'явіліся новыя выклікі і пагрозы, на якія мы павінны адэкватна рэагаваць", - сказаў ён.
Уладзімір Макей адзначыў, што пагадненне прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва паміж міністэрствам і НАН у розных сферах. У першую чаргу бакі ўдзялілі ўвагу вырашэнню тых задач, якія пастаўлены кіраўніком дзяржавы, асабліва ў гандлёва-эканамічнай галіне.
Яшчэ адзін напрамак для сумеснай работы - гуманітарная сфера.
"Мы ў цэлым дамовіліся, што гэта пагадненне з'яўляецца асновай для нашага ўзаемадзеяння, але на яго падставе будзе распрацаваны канкрэтны план сумесных дзеянняў на бліжэйшую перспектыву. І ў адпаведнасці з гэтым планам будуць дадзены канкрэтныя даручэнні, указанні і ўстаноўкі нашым загранустановам, усёй сістэме дыпламатычнай службы, а таксама ўсім структурным падраздзяленням Нацыянальнай акадэміі навук. Галоўная задача - атрымаць максімальны рэзультат ад сінергіі нашых дзеянняў", - падкрэсліў міністр.
У сваю чаргу старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў адзначыў, што ў час праведзенай сустрэчы Міністэрствам замежных спраў быў унесены шэраг прапаноў у частцы развіцця супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву, у тым ліку ў галіне ўступлення Беларусі ў СГА, экспартна-імпартных аперацый, падрыхтоўцы кадраў, навуковага забеспячэння тых ці іншых працэсаў.
Мэтай пагаднення з'яўляецца наданне сістэмнага характару ўзаемадзенню паміж НАН Беларусі і МЗС у галінах маніторынгу, аналізу і прагназавання развіцця міжнародных глабальных і рэгіянальных палітыка-эканамічных працэсаў, стратэгічнага планавання мерапрыемстваў па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва (экспертная адпрацоўка актуальнага знешнепалітычнага парадку дня і праблемных пытанняў міжнародных адносін у кантэксце беларускіх нацыянальных інтарэсаў), пашырэння прадукцыі беларускіх арганізацый на знешніх рынках, папулярызацыі гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа.
Супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і Міністэрствам замежных спраў Беларусі будзе накіравана таксама на навукова-практычнае і інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў інтарэсах павышэння канкурэнтаздольнасці і эфектыўнай інтэграцыі беларускай эканомікі ў сусветную эканамічную сістэму.