11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі прыняў да ведама рашэнне выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 8 снежня аб допуску беларускіх спартсменаў да Гульняў XXXIII Алімпіяды 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе. Аб гэтым паведамляе прэс-служба НАК.
"Мы вітаем допуск да Гульняў у Парыжы-2024 беларускіх спартсменаў, аднак прынятае рашэнне не задавальняе інтарэсы беларускай спартыўнай супольнасці ў поўнай меры. Існуючыя строгія абмежаванні, уключаючы ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальных сімвалаў, абмежаваная колькасць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартсменаў, якія выступаюць у камандных відах, - усе гэтыя ўмовы па-ранейшаму з'яўляюцца вельмі дыскрымінацыйнымі ў адносінах да атлетаў нашай краіны. Упэўнены, што для захавання каштоўнасці алімпійскага руху хутчэйшае выкараненне любой няроўнасці ў спорце максімальна адпавядае інтарэсам самога МАК", - падкрэсліваецца ў заяве НАК Беларусі.
Таксама беларускі НАК звяртае ўвагу, што не ўсе міжнародныя спартыўныя федэрацыі кіруюцца рэкамендацыямі і рашэннямі МАК. У прыватнасці, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый нават не спрабуе скрыць адкрыта дыскрымінацыйную і палітызаваную пазіцыю ў адносінах да беларускіх спартсменаў: "У сувязі з гэтым чакаем дакладныя растлумачэнні дыскрымінацыйных умоў доступу да ўдзелу ў астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы не толькі з боку МАК, але і міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту".
НАК Беларусі будзе кіравацца перш за ўсё інтарэсамі саміх спартсменаў, а таксама, безумоўна, будзе прадаўжаць работу па аднаўленні справядлівасці і паўнацэнным удзеле нашых спартсменаў ва ўсіх спаборніцтвах.