1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Тэгеране 31 ліпеня адбылася сустрэча старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара Сергяенкі з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран Масудам Пезешкіянам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў перадаў Масуду Пезешкіяну віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з уступленнем на пасаду і запрашэнне наведаць нашу краіну з афіцыйным візітам у любы зручны для яго час.
"Беларусь - надзейны і даўні партнёр Ірана, - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў. - У нас ёсць больш як 30-гадовы вопыт дыпламатычных адносін. Мы падзяляем агульныя прынцыпы, такія як імкненне да пабудовы шматпалярнага свету, непахіснасць дзяржаўнага суверэнітэту, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, раўнапраўнае ўзаемадзеянне".
Ігар Сергяенка праінфармаваў Масуда Пезешкіяна аб атрыманні Рэспублікай Беларусь статусу паўнапраўнага члена ШАС.
"Далейшаму ўмацаванню шматбаковага і двухбаковага палітычнага ўзаемадзеяння на карысць нашых народаў паслужыць рэалізацыя дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам на 2023-2026 гады, падпісанай у час візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сакавіку мінулага года ў Тэгеран", - адзначыў Ігар Сергяенка.
Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў, існуюць усе перадумовы для таго, каб яшчэ больш інтэнсіўна развіваць узаемны гандаль. "Рэспубліка Беларусь гатова пастаўляць па выгадных цэнах прадукцыю сусветнай якасці, у тым ліку мяса птушкі і ялавічыну, сухое малако, сельскагаспадарчую, грузавую, кар'ерную і аўтобусную тэхніку. У Ірана таксама ёсць тавары, якія карыстаюцца попытам на беларускім рынку", - падкрэсліў ён. У сувязі з гэтым бакі закранулі пытанне аб прадаўжэнне дзейнасці змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва.
"Як адзін са значных фактараў, якія садзейнічаюць пашырэнню беларуска-іранскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, мы разглядаем пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Іранам", - адзначыў Ігар Сергяенка і праінфармаваў Прэзідэнта Ірана аб тым, што наша краіна ратыфікавала гэта пагадненне.
На сустрэчы таксама была падкрэслена важнасць развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва. "Навука, адукацыя і ахова здароўя дапамагаюць устанаўліваць прамыя сувязі. Народная дыпламатыя заўсёды была і застаецца важным рэсурсам для ўмацавання дружбы і ўзаемаразумення паміж нашымі народамі", - сказаў Ігар Сергяенка.