28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ці будуць уступаць у АДКБ іншыя дзяржавы, пакажа час. Аб гэтым заявіў на брыфінгу начальнік Аб'яднанага штаба АДКБ Анатоль Сідараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У АДКБ існуе механізм удзелу наглядальнікаў і партнёраў, які прадастаўляе як правы, так і абавязкі. Акрамя таго, адкрыты і механізм членства ў Арганізацыі. Дзяржава мае права падаць заяўку, якая будзе разгледжана. Мы цяпер гэту тэму не абмяркоўваем. Цяпер у АДКБ уваходзіць шэсць дзяржаў: Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Арменія. Хто будзе ўступаць, хто не будзе ўступаць у АДКБ - час пакажа", - сказаў Анатоль Сідараў.
Начальнік Аб'яднанага штаба АДКБ Анатоль Сідараў правёў брыфінг з прадстаўнікамі абаронных ведамстваў і СМІ дзяржаў - членаў Арганізацыі. Ключавой тэмай абмеркавання сталі маючыя адбыцца вучэнні войскаў АДКБ, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.
Як паведамлялася раней, сумеснае аператыўна-стратэгічнае вучэнне "Баявое братэрства-2023" пройдзе на тэрыторыі Беларусі з 1 па 6 верасня. У вучэннях будуць прымаць удзел Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ, сілы і сродкі разведкі ўзброеных сіл дзяржаў - членаў АДКБ, сілы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў АДКБ, а таксама сумеснае фарміраванне радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ.