6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На энергаблоку нумар 1 Беларускай АЭС паспяхова выкананы комплексныя выпрабаванні тэхналагічных сістэм бяспекі, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні камунікацый інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" (АСЭ).
Комплексныя выпрабаванні тэхналагічных сістэм бяспекі - адзін з важнейшых этапаў гарачай абкаткі рэактарнай устаноўкі. У час выпрабаванняў правераны аўтаматычны запуск усіх чатырох дызель-генератарных установак сістэмы аварыйнага і адной устаноўкі сістэмы нармальнага электразабеспячэння. Праверана таксама працаздольнасць механізмаў аварыйных сістэм усіх чатырох каналаў бяспекі.
"Выпрабаванні прайшлі паспяхова, без заўваг, з першага раза. Крытэрыі паспяховасці ў адпаведнасці з праграмамі пусканаладачных работ дасягнуты, - адзначыў віцэ-прэзідэнт АТ ІК "АСЭ", дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін. - Гэтыя выпрабаванні практычна завяршаюць фазу гарачай абкаткі на энергаблоку нумар 1, нам застаецца выканаць толькі некалькі выпрабаванняў пры дрэніраванні першага контуру".
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.