13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС Польшчы бачыць добрыя перспектывы для ўзмацнення эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Паўлік сёння на семінары для польскіх інвестараў "Магчымасці інвесціравання ў Беларусі ў кантэксце існуючых міжнародных інструментаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нягледзячы на цяперашнюю няпростую сітуацыю, звязаную з крызіснымі з'явамі ў эканамічнай сферы, ёсць добрыя перспектывы для ўзмацнення супрацоўніцтва. Гэта звязана не толькі з удзелам Беларусі ў праекце еўразійскай інтэграцыі. Перш за ўсё, мы суседзі, у нас агульная гістарычная і культурная спадчына, і гэта не дзіўна, што польскі бізнес акрамя Еўрапейскага саюза шукае магчымасці рэалізацыі праектаў у першую чаргу з бліжэйшым усходнім суседам", - сказаў Конрад Паўлік. Ён адзначыў, што ўжо ёсць шматлікія прыклады паспяховых польскіх інвестыцый у розныя сектары беларускай эканомікі. Так, польскія кампаніі працуюць ужо у харчовай галіне, фінансавым сектары, мэблевай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, гумавых і пластыкавых вырабаў і інш.
Гаворачы аб паспяховым вопыце польскіх прадпрыемстваў на беларускім рынку, намеснік міністра выказаў меркаванне, што існуючы ў гэтым плане патэнцыял яшчэ не вычарпаны. "Чарговыя польскія інвестыцыі могуць паступіць у бліжэйшы час. Але для гэтага патрэбны стабільныя эканамічныя і прававыя ўмовы, празрыстыя, заснаваныя на міжнародных стандартах правілы гульні, добразычлівае стаўленне ўлад да замежных інвестараў", - дадаў ён.
Конрад Паўлік наведвае Беларусь 13-14 мая. Заўтра намеснік міністра адправіцца ў Гомель, дзе пройдзе спецыялізаваны польска-беларускі бізнес-форум для прадстаўнікоў сектара дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі. Плануецца, што мерапрыемства стане чарговым крокам да нарошчвання прысутнасці польскага бізнесу ў Беларусі.