24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС дапамагло вярнуцца дадому амаль 3,5 тыс. беларусаў, паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.
"Дапамога пасля вяртання дадому ў розных фарматах аказана ўжо больш як 3450 нашым суайчыннікам. Толькі за бягучыя суткі групы беларусаў паспяхова вылецелі з Марока, В'етнама, Эквадора, Ізраіля і іншых дзяржаў. Чакаем чартарны рэйс ААТ "Белавія", які забярэ грамадзян Беларусі з аэрапорта Унукава", - сказаў Анатоль Глаз.
У той жа час яшчэ каля тысячы беларусаў знаходзяцца цяпер за мяжой. Напрыклад, частка з іх прыехала ў Германію на легкавых аўтамабілях. Сухапутны транзіт праз Польшчу закрыты, таму ім рэкамендуюць вярнуцца ў Беларусь бліжэйшымі прамымі авіярэйсамі.
У ліку вострых і пытанне вяртання беларусаў з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці з Індыі (штат Гоа) і Шры-Ланкі. "Актыўна шукаем шляхі вырашэння існуючай сітуацыі ў кантакце з расійскім бокам, таму што грамадзяне былі дастаўлены туды расійскімі авіяперавозчыкамі і тураператарамі. Па-ранейшаму разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку накіраванне дадатковых бартоў. Аднак для гэтага ў любым выпадку спатрэбіцца час", - пракаменціраваў прадстаўнік МЗС.
Ведамства таксама вядзе перагаворы з расійскімі калегамі для канчатковага ўзгаднення дадатковых (акрамя чартарнага рэйса) алгарытмаў дастаўлення ў Беларусь нашых грамадзян, якія прыбываюць у аэрапорты Унукава і Пулкава. У бліжэйшы час яны разлічваюць вырашыць і гэта пытанне.
У МЗС звярнулі ўвагу, што для вяртання беларусаў дадому арганізавана некалькі спецыяльных рэйсаў. Так, 26 і 30 сакавіка па маршруце Мінск - Баку - Мінск дадому можна вярнуцца з Азербайджана.
Акрамя таго, з 22 сакавіка для замежных грамадзян уведзена забарона на ўезд у В'етнам. З 25 сакавіка ўлады ААЭ прыпынілі на два тыдні ўсе пасажырскія авіязносіны і транзіт праз сваю тэрыторыю. З 25 сакавіка будзе закрыты аэрапорт у горадзе Шарлеруа Брусель-Паўднёвы. Рэйсы авіякампані "Белавія", якія прыпадаюць на гэты перыяд, адмяняюцца. Па стане на 23 сакавіка Турцыя прыпыніла авіязносіны з 68 краінамі. Дзеянне транзіту праз Літву прадоўжана да 00.00 26 сакавіка.
"Заклікаем сачыць за абноўленай інфармацыяй на сайтах беларускіх загранустаноў і ў сацыяльных сетках, у тым ліку Міністэрства замежных спраў. Нагадваем, што званкі, у тым ліку ў роўмінгу, на гарачыя лініі беларускіх дыппрадстаўніцтваў за мяжой з'яўляюцца бясплатнымі для абанентаў мабільных аператараў life:), МТС і A1", - рэзюмаваў Анатоль Глаз.