24 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на адмену ў бліжэйшы час санкцый з боку Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзяёмся, што кіраўніцтва еўраструктур і краін - членаў ЕС нарэшце ўсвядоміць бесперспектыўнасць і бескарыснасць санкцый і абмежаванняў адносна нашай краіны, і ўжо ў бліжэйшы час будуць прыняты адпаведныя рашэнні аб іх адмене, што адкрые дарогу для нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам", - сказаў Дзмітрый Мірончык.
Прэс-сакратар МЗС падкрэсліў, што санкцыі як інструмент знешняй палітыкі адносна любой дзяржавы контрпрадукцыйныя і не садзейнічаюць дасягненню мэт, якія ў іх закладваюцца. Аднабаковыя санкцыі супярэчаць міжнародна-прававым нормам і прынцыпам, у тым ліку замацаваным у Статуце ААН і Хельсінкскім заключным акце АБСЕ.
"Мы неаднаразова заяўлялі, што рашэнні Еўрапейскага саюза аб увядзенні абмежавальных мер адносна Беларусі непрымальныя і ў корані памылковыя. Нельга з партнёрам і суседам гаварыць мовай санкцый і ўльтыматумаў. Такія меры, хутчэй, падрываюць давер да Еўрасаюза, чым наносяць рэальны ўрон нашай краіне або неяк уплываюць на сітуацыю", - адзначыў Дзмітрый Мірончык.