14 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. МЗС Беларусі канстатуе штучнае нагнятанне напружанасці вакол праекта БелАЭС. Аб гэтым заявіў на брыфінгу, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
Пытанне датычылася прыняцця ўрадам Літвы плана блакіравання імпарту электраэнергіі БелАЭС. "Пачну з таго, што раней літоўскі бок заяўляў, што зробіць усё для спынення будаўніцтва. Пасля прыняцця плана можна канстатаваць, што яны ўпэўнены ў паспяховым уводзе АЭС у эксплуатацыю", - адзначыў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.
"Прынятая пастанова - гэта чарговае пацвярджэнне выбранай нашай суседняй дзяржавай зусім не суседскай практыкі штучнага нагнятання напружанасці вакол праекта нашай АЭС, - сказаў Дзмітрый Мірончык. - Замест канструктыўнага дыялогу і пошуку ўзаемнай выгады нашы суседзі аддаюць перавагу стварэнню ўсё новых мер, прызначаных прадэманстраваць іх непахіснасць і гатоўнасць да процістаяння, усяляк спрабуюць стварыць будоўлі скандальны імідж".
Паводле слоў прэс-сакратара МЗС, ён не здзівіцца, калі ў самы бліжэйшы час шэраг буйных заходніх СМІ знойдзе прычыну апублікаваць шырокія матэрыялы на тэму БелАЭС. "Зразумела, з чароўным, ледзь улоўным літоўскім акцэнтам", - дадаў Дзмітрый Мірончык.