15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расіі ўзгодняць агульныя падыходы па пашырэнні эканамічных інтарэсаў у адносінах з партнёрамі з некаторых краін Афрыкі. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кансультацыі паміж МЗС па праблематыцы краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары адбудуцца 21 кастрычніка ў Маскве. Удзел у іх прыме начальнік упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Беларусі Ігар Ляшчэня і начальнік дэпартамента Афрыкі МЗС Расіі Валерый Уткін.
Плануецца, што Ігар Ляшчэня правядзе серыю сустрэч з кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў афрыканскіх краін, акрэдытаваных у Беларусі па сумяшчальніцтве. У прыватнасці, адбудуцца перагаворы з пасламі Намібіі, Зімбабвэ, Кеніі, Ганы, Анголы і шэрага іншых краін.