12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Незалежны апеляцыйны трыбунал Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) задаволіў па тэхнічных падставах апеляцыі паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі наконт прыпынення іх членства ў МПК. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель.
Ён расказаў, што ўдзельнікі пасяджэння ў г.Доха, выслухаўшы ўсе аргументы, прынялі бок Беларусі. Паводле слоў Алега Шэпеля, гэта рашэнне трыбунала МПК падкрэслівае, што Паралімпійскі камітэт Беларусі, нашы спартсмены першапачаткова мелі рацыю. "Мы ніколі не парушалі міжнародныя спартыўныя законы, заўсёды строга прытрымліваліся прынятых правіл, і таму рашэнне аб адхіленні беларускіх паралімпійцаў ад міжнародных стартаў было абсалютна неправамоцным", - сказаў Алег Шэпель. Ён таксама выказаў асаблівую ўдзячнасць высокапрафесійным беларускім юрыстам, якія бязвыплатна аказалі вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы неабходных дакументаў.
Алег Шэпель таксама паведаміў, што пакуль адхіленне беларусаў і расіян застаецца ў сіле. Але, падкрэсліў ён, згодна з Канстытуцыяй МПК рашэнні незалежнага трыбунала не маюць адваротнай сілы, і таму ў верасні можна чакаць канчатковага вяртання беларускіх і расійскіх паралімпійцаў на міжнародную арэну. Наступны раз статус членства Беларусі і Расіі ў МПК будзе абмяркоўвацца на генеральнай асамблеі, якая пройдзе 28-29 верасня ў Бахрэйне.
Членства паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі ў МПК было прыпынена ў лістападзе 2022 года.