8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны саюз электрасувязі (МСЭ) сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі правядуць у Мінску з 16 па 18 сакавіка міжнародны форум на тэму "Разумныя ўстойлівыя гарады: арганізацыйныя і тэхнічныя аспекты развіцця", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсувязі.
У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўніцтва Мінсувязі, рэгіянальнага аддзялення МСЭ для краін СНД, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, раённых выканкамаў, а таксама вядучых арганізацый навукі і адукацыі. Практычны вопыт і шляхі пабудовы разумнага ўстойлівага горада на мерапрыемстве прадставяць эксперты МСЭ, адміністрацый і арганізацый сувязі дзяржаў - удзельніц СНД, а таксама спецыялісты беларускіх арганізацый.
У праграме форуму - шырокі спектр дакладаў ад беларускіх і міжнародных экспертаў па арганізацыйна-эканамічных, а таксама тэхнічных аспектах развіцця разумных устойлівых гарадоў.
Мэты форуму: азнаямленне спецыялістаў Беларусі з найноўшымі сусветнымі дасягненнямі і тэндэнцыямі ў галіне разумных устойлівых гарадоў, разгляд прапаноў дзяржаў - членаў МСЭ ў рэгіёне па ўніфікацыі падыходаў па пабудове і развіцці разумных устойлівых гарадоў, а таксама вызначэнне сферы і парадку ўзаемадзеяння дзяржаўных і камерцыйных структур у сумеснай рэалізацыі рашэнняў разумнага горада.
"Мерапрыемства дасць магчымасць вядучым спецыялістам розных краін ажыццявіць абмен вопытам у сферы развіцця разумных гарадскіх тэхналогій і рашэнняў па найбольш актуальных пытаннях, дасягнуць адзінага ўзаемаразумення праблем разумнага горада і шляхоў іх вырашэння", - адзначылі ў прэс-службе.
Для ўдзелу ў форуме запрашаюцца ўсе зацікаўленыя. Мерапрыемства будзе праводзіцца ў рэжыме афлайн, але з магчымасцю анлайн-доступу. Пры зацікаўленасці ў выступленні на форуме ў якасці спікераў гэта пытанне магчыма разгледзець у рабочым парадку да 12 лютага 2021 года з арганізатарамі мерапрыемства.
Кантактныя даныя, а таксама практычная інфармацыя аб форуме размешчаны на сайце Міжнароднага саюза электрасувязі. Для ўдзелу неабходна рэгістрацыя на сайце па пазначанай спасылцы https://www.itu.int/ru/ITU-D/Regional-Presence/CIS/Pages/Events/2021/Minsk-SSC.aspx