31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінтранс падпісаў дадатковае пагадненне з Kapsch TrafficCom AG (Аўстрыя) для спрашчэння аплаты праезду па платных дарогах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.
"У адпаведнасці з пастановай Саўміна ад 21 ліпеня 2020 года нумар 427 Мінтранс падпісаў дадатковае пагадненне да інвестыцыйнага дагавора паміж Беларуссю і кампаніяй Kapsch TrafficCom AG аб рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні і эксплуатацыі сістэмы электроннага збору платы ў рэжыме свабоднага шматпалоснага руху ("Сістэма электроннага збору платы") за праезд транспартных сродкаў па некаторых дарогах Беларусі ("ЕТС-Сістэма")", - расказалі ў прэс-службе.
Дадатковае пагадненне падпісана ў мэтах рэалізацыі ўказа ад 24 сакавіка 2020 года нумар 108 і накіравана на спрашчэнне парадку платы за праезд па платных дарогах.
З 15 снежня 2020 года ў вадзіцеляў, якія выкарыстоўваюць транспартныя сродкі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не большай за 3,5 т, не зарэгістраваныя на тэрыторыі дзяржаў - членаў ЕАЭС, з'явіцца магчымасць аплаціць праезд па платных дарогах за пэўны перыяд.
Для платы за перыяд часу трэба будзе набыць электронную віньетку. Купіць яе можна будзе як у любым пункце абслугоўвання BelToll, так і на афіцыйным сайце www.beltoll.by.