2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч са сваім малдаўскім калегам Алегам Баланам абмеркавалі сёння пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сферы падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Вынікам перагавораў стала падпісанне пратакола аб развіцці супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ведамства.
"Дакументам прадугледжваецца абмен нарматыўна-прававымі актамі, інфармацыяй, перадавым вопытам, а таксама вынікамі навуковых даследаванняў і метадычнымі рэкамендацыямі ў сферы падрыхтоўкі кадраў для органаў унутраных спраў. У рамках пратакола стане магчымым навучанне прадстаўнікоў органаў унутраных спраў Беларусі і Малдовы ва ўстановах адукацыі абедзвюх дзяржаў, у тым ліку на льготнай або бязвыплатнай аснове", - растлумачылі ў МУС.
Акрамя таго, пашыраецца прававая аснова для правядзення рабочых сустрэч, узаемных кансультацый, нарад, практычных канферэнцый, семінараў і іншых сумесных мерапрыемстваў беларускіх і малдаўскіх спецыялістаў.
Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У мерапрыемстве прымуць удзел дэлегацыі МУС/Паліцыі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана і Узбекістана, а таксама прадстаўнікі Выканкама СНД, Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі небяспечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц СНД (БКБАЗ), дзяржаўных органаў Беларусі.
Кіраўнікі праваахоўных ведамстваў сёння прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі, таксама яны сустрэліся з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым.
У парадку дня - прыярытэтныя пытанні ўзаемадзеяння праваахоўных ведамстваў дзяржаў СНД. У прыватнасці, процідзеянне кіберзлачыннасці, крадзяжам аўтатранспарту, абароту новых псіхаактыўных, псіхатропных рэчываў і наркатычных сродкаў, а таксама проціпраўным дзеянням з боку нефармальных аб'яднанняў балельшчыкаў спартыўных каманд.
Акрамя таго, будуць закрануты некаторыя аспекты функцыянавання спецыялізаванага банка даных БКБАЗ на тэрыторыі краін СНД. На форуме адбудзецца шэраг двухбаковых перагавораў.