25 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і намеснік прэм'ер-міністра - міністр міжнародных адносін і супрацоўніцтва Намібіі Нетумба Нандзі-Ндаітва 25 кастрычніка падпісалі сумеснае камюніке па выніках яе афіцыйнага візіту ў Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта мерапрыемства стала заключным у праграме паездкі высокай госці ў Беларусь. "Гэты дакумент падсумоўвае ўсе вынікі праведзеных у Мінску перагавораў, - рэзюмавала Нетумба Нандзі-Ндаітва. - Мы ўмовіліся сярод іншага актывізаваць супрацоўніцтва ў эканоміцы, у прыватнасці, у горназдабыўной сферы, сельскай гаспадарцы, у галінах інвестыцый, высокіх тэхналогій, адукацыі і турызму. Дамовіліся таксама максімальна садзейнічаць кантактам паміж бізнес-коламі дзвюх краін, паміж гандлёва-прамысловымі палатамі".
Паводле яе слоў, Намібія мае намер усяляк дапамагаць пашырэнню беларускіх тавараў (тэхнікі, горназдабыўнога абсталявання) на рынку гэтай краіны, а таксама стварэнню сумесных прадпрыемстваў па выпуску беларускай сельгастэхнікі. Акрамя таго, бакі дамовіліся правесці першыя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў па палітычных пытаннях у наступным годзе ў Намібіі.
У сваю чаргу Уладзімір Макей выказаў меркаванне, што падпісанне камюніке стала фінальнай, вельмі пазітыўнай кропкай у афіцыйным візіце намібійскай дэлегацыі. "З улікам таго, што палітычная, эканамічная, фінансавая сітуацыя ў свеце вельмі імкліва мяняецца, крызісы змяняюцца крызісамі, мы вырашылі не чакаць і дзейнічаць цяпер, не губляць час і адразу ж пачаць супрацоўніцтва. У камюніке адлюстраваны напрамкі кантактаў на бліжэйшую перспектыву", - сказаў міністр. Ён запэўніў, што беларускі бок у бліжэйшы час зробіць канкрэтныя захады для актывізацыі ўзаемадзеяння з Намібіяй.