19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Жэневе 18 мая пачала работу 68-я сесія Сусветнай асамблеі аховы здароўя. Дэлегацыю Беларусі ўзначальвае міністр аховы здароўя Васіль Жарко, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
"У ходзе работы асамблеі плануецца абмеркаванне і прыняцце рашэнняў па актуальных пытаннях глабальнай аховы здароўя: прафілактыка і лячэнне неінфекцыйных захворванняў, прафілактыка туберкулёзу і барацьба з ім, ахова здароўя нованароджаных, пашырэнне доступу насельніцтва да асноўных лекавых сродкаў. У сваім выступленні на пленарным пасяджэнні Сусветнай асамблеі аховы здароўя кіраўнік беларускай дэлегацыі акцэнтаваў увагу на першарадных задачах аховы здароўя: развіцці першаснай медыцынскай дапамогі, паэтапным пераходзе да агульнаўрачэбнай практыкі, узмацненні прафілактычнай накіраванасці, пашырэнні выкарыстання тэхналогій тэлемедыцынскага кансультавання", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Васіль Жарко таксама спыніўся на мерах, што прымаюцца Беларуссю для ўмацавання сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці, удасканаленні заканадаўства, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, упарадкаванні структуры кіравання аховай здароўя, развіцці першаснай медыцынскай дапамогі.
Міністр аховы здароўя правёў сустрэчы і перагаворы з генеральным дырэктарам СААЗ Маргарэт Чэн, спецыяльным пасланнікам генеральнага сакратара ААН па ВІЧ/СНІД ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мішэлем Казачкіным, дырэктарам Праграмы дзеянняў МАГАТЭ па тэрапіі раку Нэлі Энверы-Бромсам, міністрамі аховы здароўя Азербайджана, Афганістана, Кубы, Літвы, Расіі, Сірыі, Туркменістана, Узбекістана. Абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, паставак беларускіх лекавых сродкаў.
У ходзе беларуска-літоўскіх перагавораў міністры аховы здароўя дзвюх краін падпісалі міжміністэрскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя.